БАБРУ́ЙСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.
Існавалі ў Бабруйску ў 1902—20.
Мужчынская гімназія засн. ў 1823 як 3-класнае пав. вучылішча, пераўтворанае ў 1865 у 4-класную прагімназію, з 1902 — 8-класная гімназія з падрыхтоўчым класам. У 1908/09 навуч. г. 365 навучэнцаў. Выкладаліся: Закон Божы, рус., польск., франц., ням., старажытныя мовы, матэматыка, фізіка, гісторыя, заканазнаўства, прыродазнаўства, маляванне, чыстапісанне, спевы, музыка.
Жаночая Аляксееўская гімназія адкрыта ў 1906 як 7-класная, у 1907/08 навуч. г. ўведзены 8-ы пед. і падрыхтоўчы класы. У 1908/09 навуч. г. 393 выхаванкі. Выкладаліся: Закон Божы, рус. мова, матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, геаграфія, чыстапісанне, маляванне, рукадзелле.
Мужчынская прыватная гімназія адкрыта ў 1907 у складзе 1—5-га і падрыхтоўчага класаў. 264 навучэнцы. Выкладаліся: Закон Божы, рус., франц., ням., лац. мовы, матэматыка, астраномія, чыстапісанне, маляванне, гімнастыка, музыка.
Жаночая прыватная гімназія рэарганізавана ў 1910 з прыватнай прагімназіі М.М.Ільінскай. У 1912/13 навуч. г. 294 навучэнкі. Выкладаліся: Закон Божы, рус., франц., ням. мовы, гісторыя, славеснасць, прыродазнаўства, фізіка, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, маляванне, чыстапісанне.
У 1919—20 гімназіі і прагімназіі рэарганізаваны ў адзіныя працоўныя школы 1-й і 2-й ступеняў.
Г.Р.Сянькевіч.
т. 2, с. 193